Старонка:Увагі аб вынікнавеньні беларускага руху-3.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

кага селяніна: жніва, вясельле, хаўтуры, кірмашы, усялякія забабоны і г. д; ён зьбірае і запісвае беларускія байкі, песьні, прыказкі, легенды. Найцікавейшы твор яго—„Путешествие по Полесью и Белорусскому краю", каторы зьявіўся ў друку толькі ў 1853-4 г. г. Тут апісана падарожа аўтара ад Вар­шавы да Ігумна (цяпер Чэрвеня). Вельмі доўга аўтар спыня­ецца на апісаньні сучаснай сталіцы Беларусі—Менску. М. Га­рэцкі так характарызуе гэты твор Шпілеўскага: „Падарожа на­ пісана ў лёгкай бэлетрыстычнай форме, жывою літаратурнаю маскоўскаю моваю з беларускімі ўстаўкамі: орыгінальнымі словамі, зваротамі мовы, а то і цэлымі размовамі". (М. Гарэцкі. Гісторыя беларускае літаратуры. Выд. І, 1920 г., стар. 74). Шпілеўскі, паміж іншым, сьведчыць, што беларуская мова, апроч сялянскай вёскі, зьбераглася сярод дробнай засьцянковай шляхты, каторая пабеларуску гаварыла, пісала лісты, вяла гаспа­дарчыя запісы; у засьценках магчыма было знайсьці запісаныя легенды, казкі і г. д.

З канца 40-х гадоў пачынае сваю працу і вядомы этно­граф Кіркор. Яго творы аб Беларусі пачынаюць друкавацца з 50-х гадоў. Найлепшым з іх зьяўляецца зборнік, амаль што цалком напісаны ім пад назваю „Литовское и Белорусское Полесье", каторы займае ўвесь IIІ том выданьня Сямёнава „Живописная Россия". Гэтую працу і цяпер карысна знаць усякаму, хто цікавіцца беларускім пытаньнем. Тут ёсьць надта цікавыя артыкулы археолёгічнага і гістарычнага зьместу. Апрача таго, тут ёсьць шмат этнографічна-бытавых матар‘ялаў. Жыцьцё беларуса і нацменшасьцяй Беларусі ахоплена з усіх бакоў.

У процівавагу пісьменьнікам польскага напрамку аўтары рускага напрамку прагнуцца даказаць, што Беларусь ёсьць „искони русский край", што яна зьяўляецца толькі паўночназаходняй краінай Расійскай імпэрыі: што беларусы ёсьць зусім тое самае, што і вялікарусы, што беларуская мова ёсьць толькі „наречие русской мовы".

Цікавасьць да Беларусі існавала і сярод тых дробна­-шляхецкіх засьцянковых колаў, каторыя лічылі сябе белару­самі і карысталіся беларускаю моваю. Гэтая зусім зьбяднелая шляхта жыла сярод сялянства і па свайму быту мала розьнілася ад яе. Яна ня была настолькі інтэлігентнай, каб пісаць творы. Але яна была настолькі граматнай, каб перапісваць і захоў-