Старонка:Увагі аб вынікнавеньні беларускага руху-3.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

спаткалі творы Марцінкевіча, каторыя ён напісаў у простай "мужыцкай" беларускай мове. Можа ім не спадабаліся моральныя сэнтэнцыі аўтара аб шанаваньні селяніна, можа не спада­балася простая мова твораў, а можа тое і другое разам.

Спаткаўшы з гэтага боку няпрыхільнасьць, Марцінкевіч зьвярнуўся да другіх колаў беларускага грамадзянства. Ён пачаў шукаць падтрыманьня з боку простага люду, прычым дроб­ную шляхту ён таксама прылучае да гэтага простага люду: „І вось я сягоньня ахвярую „пана Тадэуша", прыбранага ў мужыцкую сярмягу, паном і простаму народу з-пад Дняпра, Дзьвіны, Бярэзіны, Сьвіслачы, Віліі і Нёмна. Можа народ той прос­ты, што з маткай прыродай блізка жывець, прымець гэты гасьцінец ад свайго дудара, што апошнія мінуты свайго жыць­ця на карысьць народу аддаець". Трэба зазначыць, што селя­нін ня прыняў гасьцінца ад свайго дудара, бо быў няпісьменны і цёмны; апроч таго, сэнтымэнтальныя творы Марцінкевіча не сагласаваліся з сапраўднымі настроямі, думкамі і запатрабаваньнямі беларускага селяніна. Гасьцінец Марцінкевіча прыняла група тагачаснай беларускай інтэлігенцыі, вышаўшая з дробнашляхэцкіх колаў.