Старонка:Увагі аб вынікнавеньні беларускага руху-3.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Цікавасьць да новапрылучанай, спрэчнай „Северо-Западной окраины“ Расійскай імпэрыі вынікае і на ўсходзе. Перад намі падарожныя запіскі акадэміка Расійскай Акадэміі Навук В. М. Севергіна, каторы ў 1803 годзе зрабіў навуковую падарожу па Беларусі, цікавячыся толькі што прылучаным краем. Запіскі акадэміка зьявіліся, ў друку ў дзьвёх кніжках, пад наз­вамі: 1) „Записки путешествия по западным провинциям Российского государства" (1803 г.) і 2) „Продолжение записок пу­тешествия" (1804 г.). Севергін—выдатны вучоны свайго часу ў галіне мінэралёгіі і хіміі; сваім заданьнем ён ставіць, апроч таго, наогул вывучэньне Расіі і пашырэньне ведаў аб Расіі сярод грамадзянства. Зразумела, што ў сваёй падарожы ён мог блізка разабрацца ў пытаньнях, блізкіх да сваёй спэцыяльнасьці. Што датычыць другіх галін жыцьця Беларусі, то тут, ня гле­дзячы на сваю вучонасьць, ён зусім ня можа ў іх разабрацца. Ён даволі наіўна вызначае, што на Беларусі ёсьць нават праваслаўныя царквы. Яго, незнаёмага з гісторыяй Беларусі, гэты факт вельмі дзівіць; таксама дзівіць і тое, што набажэнства ў цэрквах, нават вуніяцкіх падобна на набажэнства, якое адпраўляецца ў цэнтральнай Расіі. Тым ня менш акадэмік зусім не­спадзявана для нас называе ўсіх насельнікаў Беларусі схізматыкамі. Відаць, што аўтару вельмі трудна зразумець беларускі быт, каторы вырас на рэальных умовах мінулага жыцьця.

У далейшыя часы рускія вучоныя таксама цікавяцца Бе­ларусьсю. Вядомы архівісты—гісторык К. Калайдовіч пачаў вывучаць дакумэнты стара-беларускага пісьменства. На аснове вывучэньня ў 1822 годзе зьявілася ў друку яго невялічкая праца „О белорусском наречии". Тут аўтар вызначае некаторыя асаблівасьці як стара-беларускай, так і сучасна-беларускай мовы, называючы яе „наречием" расійскай мовы. Калайдовіч вельмі мала ведаў сучасную яму беларускую мову, і гэта часта перашкаджала яму ў яго працы. Дзякуючы гэтаму, ён прыхо-