Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— На лета, значыцца, служыць кінеш?

— Не, дзе-ж каня вазьму на сваю зямлю.

— Дык як-жа ты будзеш рабіць і ў сябе, і ў гаспадара? Здароўе падарвеш!

— Не падарву. А што-ж інакш зробіш! Гуляць? Дык-жа гуляючы прападзеш. А робячы, то… (Ён самаўпэўнена і з пагардай да ўсяго свету патрос галавой.) Гультаяваць? Ого! Многа і так гультаёў развялося!

Каб Сцепуржынскі мог глыбей адчуваць, ён мог-бы жахнуцца ад празмернай сталасці гэтага хлапца.

— Так можа гадоў два якіх папрацую, а тады і сам стану на ногі. Свайго каня агораю, буду хату ставіць, сам у сілу ўбяруся. Камітэт беднаты паможа, і стану жыць. Зямля-ж будзе!

З хвіліну ён маўчаў і думаў: хутчэй стану на ногі, калі захачу. (Ён успомніў дзічку на Скуратовічавым полі.)

— Слухайце, дзяцька Сцепуржынскі, а як вы жывецё?

— Так сабе, патроху.

— Скуратовіча старога няма?

— Няўжо-ж ты не чуў?

— А Толіка не чуваць?

— А хто яго ведае, што я стараюся знаць пра яго, ці што? Што ён мне? Не чуваць нідзе нічога пра яго!

— Жыта і ярына, значыцца, вам асталіся?

— Якія жыта І ярына?

— А што Скуратовіч у вас складаў! Я-ж ведаю.

— Што ён складаў, пра што ты гаворыш?

— Як што складаў! Жыта і ярыну! Я з самага пачатку ўсё ведаў. Усё чысценька ведаў.

— То чаго-ж ты маўчаў, калі ведаў! Ты што выдумляеш на мяне, ліха ведае што. Нейкае