Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/97

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

халаты і набыў чалавечы выгляд, льга стала бачыць, што гэтаму хлапцу сама больш год так за чатырнаццаць, што ён пануры, што ён не мае вялікай ахвоты разводзіць гаворку. Сам то ён можа паслухаць, як людзі гавораць, пасмяяцца, часам паддаць жару чужой гаворцы, а часамі і звесці на сварку каго-небудзь, каб пасля з кутка паглядзець, але каб самому быць у старане. Але ўсё-ж вялікім ініцыятарам ён тут не будзе.

Гадзін за дзве да рассвітання, даглядаючы ў стадоле перад выездам у дарогу свайго каня, гэты малады фурманшчык раптам пачуў дзесьці блізка за дзвярыма знаёмы голас. Адчыніліся дзверы, і ў стадолу ўехалі сані. Крэкчучы з холаду, чалавек стаў выпрагаць каня. Малады фурманшчык унурыўся: „заўважыць знаёмы чалавек мяне, то можна будзе пагаварыць, бяды ніякай ад гэтага не будзе, а не заўважыць — то каб больш клопату не мець, і так абыйдзецца“. Але раптам ён успомніў адну справу, стаў думаць, меркаваць — лоб яго моршчыўся, нос і барада набылі патрэбу ў тым, каб іх чухалі. І от ужо малады фурманшчык рашуча пайшоў сам да знаёмага чалавека.

— Дзень добры, дзяцька Сцепуржынскі, — сказаў ён.

— Дзень добры, Міхалка? Што ты тут робіш?

— У фурманцы. Паклажу вязу. А вы?

— У горад еду. Але-ж і мароз, няхай бог засцерагае! Дзе ты цяпер, Міхалка? Як жывеш?

— Служу ў гаспадара. Астаўся там, да аднаго.

— Добры гаспадар?

— У яго трое коней, а я ў яго за службу нічога не бяру. А за гэта яго канём, як прыдзе вясна і лета, буду рабіць сваю зямлю. На вясну будуць зямлю даваць, то я вазьму, падамся ў сваю старану, там зямля лепшая.