шло да дзвярэй. Яно трымала рукі на жываце і ішло прыгнуўшыся.
— А што, — аж гукнуў чалавек з мехам, — недзе маці там або бацька чакае.
Дзяўчынка павярнулася да яго і холадна сказала:
— У мяне мамы няма даўно, а бацьку афіцэр нядаўна забіў.
І пайшла ў дзверы. Яна ішла так шпарка, так перабірала нагамі, хістаючыся, як цень, у бакі, такі мела выгляд, што, здавалася, гэта сталая жанчына спяшае на работу. Праз нейкі час яна вярнулася назад і села на ранейшае месца, быццам гэта быў не казённы халодны вакзальны будынак, а вельмі прытульная, поўная ўцехі, яснасці і радасці ўстанова, у якой заўсёды будзе шчасліва яно, гэтае дзіця. І калі яно не будзе тут, радасць і ўтульнасць усёй светабудовы рухне. І навек скончыцца ўцеха, і радасць усіх, хто тут, каля гэтага дзіцяці. І яно гэта ведае, таму і трымаецца тут.
— Бач, зноў вярнулася, — не сціхаў чалавек з мехам.
— Яе жывот мучыць, — абазвалася жанчына. — Яна цэлы дзень так.
Зося ўвайшла ў кола людзей і стала перад чалавекам з мехам.
— Паспрабуй, сам сядзь на яе месцы, — сказала яна ўзбуджаным голасам. — Састарэўся, а розуму не нажыў. Толькі адну хітрасць ува ўсім бачыш.
Яна аж не магла гаварыць, аж заікацца пачала. Яе словы ўзварушылі ўвесь натоўп:
— Сам па сабе мусіць усё мерае!
— Ніякага спачування не мае.
Чалавек з мехам адцёрся назад. Зося падышла да дзяўчынкі. Дзяўчынка шаптала высахлымі губамі: