Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

товічаў хутар, каб там далі чырвонаармейцу Назарэўскаму фурманку. Даючы яму ў рукі паперу, стараста як-бы апраўдваўся:

— Тут вёрст нават двух не будзе, от так проста, паўз лес. Я вам з вёскі даў-бы каня — дык усе ў абоз пад Варшаву паехалі, а ў каго дзе конь дома, дык на ім уся вёска з поля снапы возіць. А ў Скуратовіча трое коней і я ведаю, усе дома. Ён коні ў лесе хавае. Вы адно націскайце на яго добра.

Кандрат Назарэўскі заўважаў, што чым больш падаваўся ён на ўсход, тым больш згладжваліся на зямлі сляды нядаўняе вайны. А тут ужо зусім як-бы забыліся людзі на гэтую страшную навалу — скрозь спакойна рабілі сваю работу. Чалавек на полі сказаў яму, што зараз будзе вузкая дарога ў лес, на Скуратовічаў хутар.

Лесам Кандрат Назарэўскі не ішоў доўга. Дарога ў лесе адразу пайшла ў лог. Пачаўся густы ельнік. Пры дарозе папараць зусім была мокрая ад расы. Каршачок плаваў над ельнікам, дзесьці блізка сакаталі куры. Неўзабаве бліснула паляна. Шырокі загон насеннай канюшыны ішоў ад ельніка, вузкая дарога ўся была ў высокай траве. Дупляватыя дзічкі сям-там раслі на полі. Скрозь быў іржэўнік з-пад жыта і ярыны. Авёс стаяў на полі ў крыжыках. Навокал быў лес — яліна і хвоя, толькі з аднаго боку поле злівалася з небам і ледзь відны былі з-за ўзгорку вярхі хатніх стрэх.

Кандрата Назарэўскага спаткалі сабакі страшэнным брэхам. Двор быў адгароджаны старым частаколам. Яловыя частаколіны парассоўваліся ў бакі, і дзіркі паміж імі пазабіваны дошкамі. Старасвецкія дубы, магутныя, як каменныя горы, стаялі над мураваным скляпком. Насупроць склепа адчынена была шырокая стайня. Кандрат Наза-