Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

4

Выдарылася такая шчаслівая часіна! Ён першы раз у сваім дзіцячым жыцці адчуў, што значыць у моманты вялікіх трывог і ўтрапенняў быць не аднаму, а з другам!

Скуратовіча ў той дзень дома не было: апошнімі днямі ён нават часам і не начаваў дома. Міхалка і не стараўся дазнацца, дзе бывае яго гаспадар. Яму пра гэта не думалася. Ён быў адзеты і накормлены, можа якога з поўгода і сям‘я яго магла быць не галодная. Так што гэты клопат адпаў. Астаўся смутак па бацьку і вельмі выразныя карціны ранейшых бацькавых сустрэч з Скуратовічам. У такіх выпадках яны заўсёды хітрылі адзін перад адным, і Міхалка заўважыў, што бацька гатоў быў пайсці на самую апошнюю сваю прыніжанасць, абы накарміць сваіх дзяцей. З такой прыніжанасцю бацька і памёр.

Раніца была туманная. Сонца ўзыходзіла ціха, туман разыходзіўся паволі. Жоўты лісток упаў уначы з клёна і ляжаў на вытаптанай траве. Міхалка ўстаў позна, ніхто яго не турбаваў. Ён стаяў каля кляноў і глядзеў на кляновы лісток — блізка восень! І туман стаіць доўга!

Ён ляснуў пугай і выгнаў каровы. На дарожцы пры лесе стаяў Скуратовіч з сякерай у руках. Ён пачакаў, пакуль наблізіцца з кароўмі Міхалка.

— Нешта мы з табой заспалі сёння, — сказаў Скуратовіч. — Мусіць не здароў я, што праспаў пору. Думаў устаць зацямна, жэрдак на плот спусціць некалькі. Аж ужо і сонца ўзышло. Раздумаўся. Вярнуся хіба дадому, а то яшчэ ляснік убачыць.

„Ты ж не начаваў дома, толькі дадому варочаешся, — думаў Міхалка. — Хлусі сабе колькі хочаш, што мне да таго“.

Скуратовіч павалокся дадому, Міхалка астаўся