доўгі, а як паглядзіш! Ды калі яшчэ чалавек дабра на свеце не бачыць! Я ўсё пра твайго бацьку думаю. Гаруе чалавек на свеце, чэзне. А тымчасам цяпер яшчэ час такі брыдкі, цяпер яшчэ горш людзям жыць. Няма, каб прышлося за што рук зацяць. Ты сам павінен ведаць.
— Ведаю.
— То я табе скажу: хто і багацейшы, то і таму такім часам не мёд. А ваша сям‘я як жыве! Я сабе часам вазьму ды і падумаю. Божа мой, божа, думаю я сабе. Ты як сабе хочаш, я табе набівацца не буду, але ты павінен памагчы бацьку. Бо ты тады не сын будзеш, калі гэтага не зробіш.
— Як-жа я памагу?
— Ты паслухай. Я на цябе ўчора зазлаваў быў, што ты не ў свае справы ўлазіш. А што гэта добра ўмешвацца не ў сваё? Кожны жыве па-свойму і нікому да гэтага справы быць не павінна.
— Я пад дзвярыма мала і стаяў.
„Малое, а якое хітрае, — думаў Скуратовіч, — каб з цябе душу выгнала, гадзюк ты!“
— Вы, можа, думаеце, што я тады падказаў, дзе ў вазоўні жыта схавана, то каб я так жыў, што не. Вы тады з Толікам як хавалі жыта, то я толькі першую ноч паглядзеў праз шчылінку ў сцяне. А больш я нават і не падыходзіў. Калі хто і сказаў, дык гэта Зося. Я ёй раз прызнаўся быў.
„Каб ты да сёнешняй начы не дажыў, — шапталі Скуратовічавы губы, — усё-ж ведае, а хітруе“.
— А што я ўчора стаяў і, вы думаеце, што я падслухоўваў, то каб я з гэтага месца не зышоў, што не. Мне абы ён папружку аддаў. Гэта папружка татава. А я, дальбог-жа, я нічога не чуў,