Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пад канец пажару ўсё-ж назбіралася крыху людзей з блізкіх вёсак, але ўсё адно нельга было нічога ўтушыць — была суш, і вецер гнаў агонь. Скуратовічыха паволі хадзіла па хутарскім дварэ, згарнуўшы рукі; нарэшце яна аслабела і села на ганак, прыпёршыся плячыма к сцяне.

— Чаму ты не плачаш, чаму ты не бядуеш? — сказала яна з нейкім злым дакорам мужу.

Той нічога не адказаў і адышоўся. Пасля вярнуўся:

— Ідзі ляж у пасцель, ты слабая здароўем. Шануй сябе. — Ён памог ёй падняцца і ўвайсці ў дом. Яна зусім аслабела з трывогі і дрэнных усялякіх уяўленняў. Лягла ў пасцель і пачала стагнаць і маліцца.

У наступную ноч людзі бачылі зарава недзе далёка, угадвалі, што за вёрст пятнаццаць. А цераз ноч яшчэ бачылі далёка зарава. Пасля стала спакайней. А дзён праз пяць пайшла па людзях яшчэ навіна: Скуратовічыха больш не ўстала з пасцелі і аддала богу душу. Гаварылі ўсе адно: памерла яна з вялікай трывогі. Яна не вытрымала ўтрапення ад апошніх падзей.

Людзі да ўсяго прывыкаюць. Праз дзён дзесяць усе гэтыя страшныя падзеі пачалі рабіцца абыклымі. Пагарэльцы пачалі ўжо думаць пра забудову. Гаварылі, што Скуратовічаў Толік прыслаў з арміі другое пісьмо.

— Яшчэ мусіць не ведае, што маці памерла, — гаварылі жанчыны.

— А можа ўжо і ведае, — адказвалі другія. — Калі пошта добра ходзіць…

Вясковыя жанчыны любяць пра ўсё пагаварыць.

Неўзабаве да ўсіх гэтых гаворак дадалася яшчэ і такая: