з таго боку здаваў развёрстае жыта, то казаў, што якраз там, дзе са Скабінскай дарогі ў лесе паваротка пайшла на Кацельнікі, калі каму трэба. Калі бо адвагу трэба мець, у яго палажэнні ездзіць уночы! Тут чалавек дома сядзіш, а і то дрыжыш, калоцішся. Гэтакі час, пане мой. Жартачкі!
— У Скабінскім лесе? То гэта можа адна рука, што і ў нас! Бо гэты-ж лес ад нас не вельмі далёка.
— Можа, добра кажаш, і адна рука. Можа якая шайка бродзіць.
Вестка пра забойства камісара была другім грукатам грому, пасля першага, пасля забойства Зосінага бацькі і брата. У наступную-ж ноч, не зважаючы на тое, што і міліцыя і атрад чырвонаармейцаў зрабілі вартавыя пункты на дарогах, яшчэ раз, як гром даў, так пайшла раптоўная навіна: з вечара яшчэ не позна было, яшчэ людзі не паклаліся спаць, — запалала неба над лесам. Людзі баяліся бегчы туды праз лес, хоць відаць было, што пажар непадалёку. Угадвалі, што гэта гарыць як-бы Скуратовічаў хутар. На агонь выехала некалькі конных чырвонаармейцаў. Сапраўды гарэў Скуратовічаў хутар. Адначасна гарэла — гумно, вазоўня, склеп. Скуратовічыха рвала на сабе валасы.
— Няхай-бы яны над намі злітаваліся-б і падпалілі што-небудзь адно. А то ўсё! (Добра, што хоць коні нанач з хлява выгналі.) Цяпер згінем і павек не паўстанем.
Яна згарнула рукі і пачала праклінаць падпальшчыкаў. У вачах яе было гэтулькі сапраўднай роспачы, што хто бачыў у гэтую хвіліну яе твар, таму рабілася страшна. Скуратовіч бегаў навакол агню і прыгаварваў:
— Зрабілі-б аблаву якую, вылавілі-б гадаў. Прапаў цяпер увесь мой спосаб да жыцця.