Можна было заўважыць, што камісар расчараваўся: наўрад ці паможа яна мне. Яна глядзела на камісара і думала: „Скажу яму, дзе жыта схавана. Усё адно я тут намерылася больш не служыць. Я яму ўсё пра сябе раскажу“.
Спачатку пайшлі ў гумно. Чырвонаармейцы шукалі пад леташняй саломай. Скуратовіч неўзаметку сказаў да Зосі:
— Колькі-б ні шукалі, што за карысць, калі ніякага жыта няма. — Ён выпрабоўваў на ўсялякі выпадак: а можа як і падгледзела яна?
— Ёсць, — адказала яна.
— Дзе-ж яно, калі ёсць, — злосна настаражыўся ён.
— У вазоўні закапана, а наверсе сані і колы стаяць.
Ён аслупянеў.
Але тут-жа пастараўся не падаць віду.
— Зараз павяду туды, хай глядзяць.
У яго яшчэ тлела рэштка думкі: а можа яна не ведае, а так сабе, на маны сказала і ўгадала. Але чаму яна так гаворыць, што з ёю робіцца?
— Што тут шукаць, тут няма, — сказала яна.
Як-быццам што сціскала ёй рот, — такое раптам стала ў яе адчуванне. Ёй ужо больш цяжка было выгаварыць і слова. „Зараз скажа“ — думаў Скуратовіч.
— А дзе яно, збожжа? — з надзеяй павярнуўся да яе камісар.
Але пакуль ён гэта сказаў, Скуратовіч шапнуў ёй:
— Маўчы, я табе колькі пудоў жыта дам.
Ёй аж дыхаць стала цяжка ад хвалявання. Некалькі пудоў. Гэтулькі ніколі не было пад іхняй там дома страхою. Твар яе пабялеў, стукнула ў вушах. Яна маўчала, лепш-бы яна не ішла сюды