Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Буду мыць і дадому не пайду. Ідзіце самі, калі вам трэба пагаварыць з маім бацькам.

Скуратовічыха ніколі яшчэ не чула, каб з ёю так гаварыла парабчанка. Яна збянтэжылася і зірнула на Зосю. На дварэ ў гэты час загаварылі мацней. Скуратовічыха глянула ў сенцы, пайшла вышла. Зося пачула яе голас:

— Усялякая напасць на нас. Наш сын у Чырвонай арміі.

Зося вышла і глядзела, як чалавек у чорным фрэнчы стаяў перад Скуратовічам і як Скуратовічыха выцірала слёзы. Камісар сказаў:

— Я вас арыштую.

— Воля ваша, але я не вінаваты.

У Скуратовіча быў самы нявінны твар. У гэтую хвіліну і поза, і твар яго былі такія, як тады, калі ён вёз Кандрата Назарэўскага на кульгавым кані. Камісар зноў загаварыў:

— Вы ў воласці гаварылі таксама, што ў вас няма збожжа. І сказалі няпраўду.

— Праўду сказаў.

— Пабачым.

— Ну, хадзем, будзем шукаць, — сказаў нарэшце Скуратовіч. Давайце абыйдзем і абгледзім усё.

— Тут каго-небудзь няма чужога вам за сведку? Добра было-б, каб двух чалавек.

— Дзе я вам іх вазьму.

— Гэта дачка? — паказаў камісар на Зосю.

— Я тут служу.

— Сваячка, — падказала Скуратовічыха.

— Ну, усё адно, — узрадваўся камісар. — Пойдзем з намі. — Ідучы, ён разгаварыўся з ёю:

— Блізкая сваячка?

— Далёкая.

— Добра тут вам?

— Служу, — адказала яна.