Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Скуратовіч павёз Назарэўскага. Праехалі рэчку, уехалі ў лес. Лес рос на нізкім месцы, месцамі ішлі забалочаныя паляны. Скуратовіч пачаў гаварыць.

— Бачыце рэчку? Яна шырэе нейк раптам. Яшчэ каля майго хутара — гэта толькі загіністая ручаіна. А тут, пане мой, бачыце, шырэй. За гэтым лесам яна вельмі-ж раптоўна ўшыркі разліваецца.

Кандрат Назарэўскі не спыняў яго і не памагаў яму ў гаворцы. Ён цераз дзесятае ў пятае чуў, як Скуратовіч, увайшоўшы ў ахвоту, гаварыў пра „вечнае ўсталяванне жыцця чалавека на зямлі“. Ён гарнуў усю сваю душу праз гэтую гаворку на тое, што свет толькі тады будзе мець „законнае ўсталяванне“, калі ўсё пойдзе пад вядомыя яму „вечныя“ дарогі. Ён так і гаварыў: „калі законны парадак усталюецца“. Якраз гэта было тое „ўсталяванне“, з якім змагаўся, не шкадуючы самога сябе, Кандрат Назарэўскі.

— Каб не ўся гэтая калатня на свеце, дык проста, пане мой, навіна скрозь паўводзілася-б. Якія машыны па маёнтках пачалі з‘яўляцца! Пан Шатроўскі выпісаў машыну, што бульбу капае, выкідае наверх з зямлі, толькі бабы ідуць ды збіраюць. Паравікамі скрозь малаціць пачалі. Ды, сказаць, і па вёсках, глядзіш, у таго, у другога з‘явіўся параконны варшаўскі плуг. Яно, патом, пойдзе ўгару, як прыдзе зноў законнае ўсталяванне.

— А якое законнае ўсталяванне?

— Ну, вайна скончана і нешта павінна з гэтае вайны выйсці. Перш за ўсё павінна быць цвёрдая назаўсёды ўлада, каб чалавек не дрыжэў, што з‘явяцца і забяруць, што ты маеш.

„У самыя трывожныя свае хвіліны ён не пакідае думаць пра сваю цвёрдую ўладу“, — падумаў