перад самым адыходам польскага войска яго лавілі, падпільноўвалі, каб не выпусціць жывога з рук. Але ён паспеў выехаць разам з панам. Шмат хто з вяскоўцаў чухаў патыліцу з прыкрасці, што не ўдалося якога-небудзь знаку пакінуць на Седасавай асобе на вечную памяць.
— Гэта ён зняты на фатаграфіі над камодай у Скуратовіча?
— Ён, — адказала дзяўчына.
Яна гаварыла ўжо з нейкай заўзятасцю, старалася расказаць усё, давесці да ведама Назарэўскага нават усё самае дробнае. Яна як-бы думала, што гэты чырвонаармеец адным махам рукі, адным сваім словам навядзе ўва ўсіх гэтых справах парадкі. Ёй больш не трэба будзе варочацца на Скуратовічаў хутар, недзе там за граніцай зловяць Седаса і прывядуць сюды. Бо тут-жа яго лавілі, а ён уцёк. Дзіцячая наіўнасць зноў пачала з‘яўляцца ў яе скрозь спакойную сталасць. Так яна гаварыла з Назарэўскім. Ён хацеў сказаць ёй што- небудзь добрае, ласкавае. Скуратовіч увайшоў у хату. Ён убачыў Зосю.
— Ты прышла?
„Паспрабуй абараніць яе цяпер перад Скуратовічам, — думаў Кандрат Назарэўскі, — то ёй яшчэ горш будзе“. І ён загадаў Скуратовічу ехаць далей. На развітанне ён працягнуў Зосі руку з пачуццём вялікай прыхільнасці, як быццам яны заўсёды ведалі адзін аднаго.
— Можа калі трапіцца быць у маім горадзе, то заходзьце. У мяне дома бацька і сястра малая. Запомніце — вуліцу і нумар дома.
Даючы ёй адрас, ён мала спадзяваўся, што яна сапраўды калі-небудзь завітае туды. Але ён шукаў сказаць ёй што-небудзь такое, каб яна адчула яго да яе прыхільнасць, а майстар на словы ён не быў.