Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/230

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

насіў у сабе нейкае нядобрае і вельмі невыразнае пачуццё ў дачыненні да Наўмысніка. Адкуль яно ішло — цяжка сказаць. І ніякага фактычнага ўгрунтавання яму не было. Аднак-жа яно бесперапынна тлела. Найбольш яно трымалася навакол таго, што Наўмыснік заўсёды шукаў выпадку, каб перад Несцяровічам пахваліцца сваім былым парабкоўствам, беднасцю і нават сваім нібыта ўдзелам у змаганні з акупантамі. Які гэта быў удзел — выразна не гаварылася ніколі, так толькі, намёкамі, пабочным словам. „Што там, значыцца, пра старое гаварыць, мала хто якія заслугі мае“. І Наўмыснік гаварыў Несцяровічу пра справу на цагельным заводзе. Справа сапраўды ішла добра. І ўсё-такі Несцяровічу не падабаліся бесперапынныя Наўмыснікавы намёкі на анельскую чыстату сваёй асобы. Занадта ўжо часта Наўмыснік даводзіў да ведама, што ёй гараваў на свеце. Нядобрае пачуццё нараджалася тут.

Аднойчы Слава ўбачыла Наўмысніка. Быў ясны дзень. Усе дзеці з дзіцячага сада былі ў лесе. Слава адбілася ад гурту. Стаўшы на калені, яна не зводзіла вачэй з зялёнай казюлі, якая бегала па імшыстай купіне. Час — пасля абеду. У лесе ціха, пад дрэвамі няма спёкі, пахне растопленая на сонцы смала. З дарогі пад дзіцячы сад чутны галасы дзяцей.

— Слава, дзе ты дзелася? — крычаць дзеці.

— Зялёная казюля! — адгукаецца Слава.

Раптам яна пачула чалавечыя крокі. Гэта ішоў Наўмыснік. Слава ўбачыла чорнавусага дзядзьку, з дубцом у руцэ. Ён моцна ступаў вялікімі ботамі і то сцёбаў дубцом сябе па халяве, то адкусваў кончык дубца і выплёўваў. Ён убачыў Славу і адразу спыніўся. Ён стаў нерухома, і вочы яго сталі круглыя і вялікія. Ён аж адступіў крок