ТРЭЦЯЯ ЧАСТКА
1
Спатрэбілася блізка года часу на тое, каб усё дайшло да самай чыстай яснасці. Тады ўсе ўбачылі выразна і прычыну няшчасця з краўцом на рыштаваннях, і Славіну палахлівасць перад „дзядзем з чорнымі вусамі“. Тады пачалі ўспамінаць, што „Наўмыснік і сапраўды часта трымаў сябе не так, як усе“. Успомнілі, напрыклад, што Наўмыснік нямаведама чаго некалькі разоў лазіў на рыштаванні, мураваў сцяну разам з усімі. „Муруе, бывала, з гадзіну, а можа і больш, і за гэта яму ніхто не плаціў. І заўсёды гэта рабіў на другой змене. Праўда, ён тады быў вольны, сам ён на цагельным заводзе быў заняты на першай змене, але такое размеркаванне часу якраз-бо падыходзіла, каб краўца на рыштаваннях не было“. (І гэты быў на першай змене.) Наўмыснік гаварыў, што ён муруе, каб напрактыкавацца ў гэтай рабоце. Але нашто яму было практыкавацца, калі і так цэгла пад яго рукамі аж сама клалася; такі ён быў спрытны муляр“. Усё гэта было праўда, але ўсё гэта выявілася і ўспомнілася пасля. Цяпер-жа Наўмыснік быў адным з лепшых работнікаў, і „сам Несцяровіч не мог пад яго падкапацца“. Гэта была праўда, што Несцяровіч