Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/184

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Добра, я не буду мець спакойнай хвіліны, пакуль не перапару ўсю сваю сялібу. Я ўвесь час буду шукаць.

— Я тут буду дзён тры, мяне можна знайсці ў сельсовеце. Я думаю, што вы грошы знойдзеце.

— Буду старацца знайсці, але-ж не магу напэўна гаварыць.

— Добра. Цераз дзень я сам зайду. Значыцца, мы дагаварыліся. Што вы самі пра гэтую ўсю справу думаеце?

— Што я думаю! Што ён сам гаворыць?

Ён вытрымаў паузу і сеў. Яна зразумела: нічога ён ёй пра гэта не скажа. Твар яго стаў чужы і халодны. Яна загаварыла:

— Я не ведаю, што думаць. Што я ведала і што думала — адразу тады пайшла і расказала следчаму. Мне было цяжка з ім жыць, і я вам зараз скажу чаму. Яшчэ з тых часоў, калі ён пасвіў каровы ў Скуратовіча… яго бацька быў галодны і хворы… Скуратовіч меў многа ўсяго…

Твар Кандрата Назарэўскага праясніўся ўсімі жывымі рысамі, ён слухаў, і як яму хацелася ў гэтыя хвіліны гаварыць з ёю інакш і ў іншай абстаноўцы! Жывыя карціны праходзілі ў яго вачах: от яна наіўна пытае ў Скуратовіча, чаму ён не запрог лепшага каня, от ён у яе хаце гаворыць з яе малым братам, забітым пасля бандытамі, от яна цяпер перад ім гаворыць. Ён меў багатую практыку бачыць людзей навылёт, чытаць на іх тварах, разблытваць у іх душах тое, што яны і самі часам не могуць разблытаць.

— Часамі я яго ненавідзела, часамі шкадавала. Ён здолен здзеквацца з другога, ён здолен мучыць сваю сям‘ю, а часам падумаю — чаму ён такі… Я не магу тут разабрацца… Я ўсё шчыра зраблю, каб памагчы вам.