Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/177

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я заявіла. Следчы ўжо ведае, што ты знайшоў грошы і не аддаеш іх. Падазронасць на цябе кладзецца, што ты больш недзе хаваеш грошы. Цяпер старайся давесці, што ты толькі іх знайшоў, калі гэта сапраўды так. А калі не — прызнайся ва ўсім. Усё адно дазнаюцца, тады горш будзе.

Авечы твар раптам распоўзся ў сабачую грымасу і вышчарыў зубы.

Ён убачыў, што справа пайшла не на жарты, што жонка не прышла жартаваць з ім. Ён падняў з-пад ног сякеру, яшчэ чамусьці пацёр ею аб жывот і, раптам, размахнуўшыся, кінуў на жонку. Яна стаяла ад яго даволі далёка, у самых дзвярах, бліжэй не падыходзіла. Але сякера ўсё-ж кранула яе плячо. Жанчына хістанулася, крыкнула, яшчэ не разабраўшыся добра, што здарылася:

— Вар‘ят!.. Што ты…

— Вар‘ят? Што я раблю? А ты што робіш!

Па-воўчы ляснуў зубамі.

Яна адчула боль у плячы і кінулася бегчы. Заціскаючы рукой рану, убегла ў хату. Пакінутая ёю нядаўна лямпа курадымела, але яна не магла спусціць агонь. Яна толькі падумала пра дзіця, што яно спіць і не прачнецца мусіць аж запоўнач, як заўсёды. Яна хацела апусціцца на лаву, страціўшы яснасць думак — што рабіць, і з‘ехала на зямлю. Неўзабаве ўбег у хату ён. Вочы яго бегалі па сценах, па рэчах, ён як-бы шукаў чаго. Нарэшце падбег да дзіцяці. Як шалёны, ён нагнуўся над дзіцём і казлынуў яго сваёй неахайнай барадой. Дзіця паварушылася. Ён штосьці прахрыпеў (нешта хацеў сказаць), азірнуўся на хату. Зося ляжала на зямлі. З пляча ў яе сачылася кроў. Выскачыў на двор і пайшоў слізкім няроўным полем. Лёд трашчэў і лопаў у яго пад нагамі.