Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/175

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Дзіця пакінь, — крыкнуў ён. — З такой маткай яно прападзе!

Яна азірнулася на яго голас і пайшла шпарчэй. Следчага яна знайшла ў сельсовеце. Там быў і старшыня сельсовета, і так некалькі чалавек, і старшыня калгаса.

— Што, Тварыцкая! — сказаў старшыня калгаса, — можа заяву прынесла, можа ўгаварыла ўжо мужа ў калгас ісці.

— Гэта пасля можна, тут іншая справа… Я вам хачу сказаць… — глянула на следчага.

Той вышаў з ёю ў бакоўку. Яна расказала пра грошы, сказала ўсе свае думкі, сваю падазронасць.

„Можа ён і ведае што. Я не кажу, што ён канешне вінават, але грошы гэтыя…“

Людзі бачылі, як яна пасля гэтага ішла з дзіцём дадому. Сыпаўся дробны і мёрзлы снег. Неба шарэла нізка. У яе пад нагамі раскоўзвалася заледзянелая зямля. Яна глядзела далёка перад сабой, быццам старалася разгледзець штосьці за абледзянелым полем. Яна туліла да сябе дзіця, гаварыла з ім пра лес, паўз які ішла, пра снег, які сцірала з яго тварыка. Узнімаўся вечар, змрок пачаў рабіцца яснейшы. Хмары пайшлі за лясы, па небе ўжо адчуваліся першыя зоры. Яна любіла зорнае неба!

Пад дом яна падышла баючыся. Каб не дзіця, яна можа і зусім не пайшла-б сюды. У вокнах цёмна. Яна пхнула дзверы — яны замкнёны. Падняла руку — ключ як і заўсёды схован над дзвярыма. Увайшла ў хату, пакарміла дзяўчынку, паклала спаць. „Славачка, дачушка, спі, расці здарова. Будзь шчасліва“… Славачка заснула, паклаўшы кулачок на губы. Зося пайшла з хаты. Міхал яшчэ здаецца ўпарцей, як калі, працаваў. Пот цурком ліўся з яго. У гумне, пры такім газовач-