скрынку і засыпаў. А зверху нацярусіў саломы, прынёс з дрывотніка дробнай кары і прысыпаў. Увайшоў у хату і не сказаў жонцы ні слова.
З гэтай хвіліны ён стаў як-бы ўраўнаважаны. Было падобна, што дайшоў да звычайнага свайго стану. Вельмі многа рабіў, нават больш як раней. Здавалася — яму вялікая асалода ў рабоце, нават лішняй: ён пааблямоўваў плугам ад дарог свой палетак, перавіў нанава плот, хоць ён быў яшчэ моцны. Пачаў рабіць сані, хоць і старыя былі зусім як новыя. Нельга было нічога дрэннага падумаць, гледзячы на гэтага нявіннага працавіка. З жонкай ён пачаў абыходзіцца лепш, і яна паспакайнела.
Ён меў прывычку да самых халадоў спаць у сенцах. Аднойчы (было яшчэ цёмна) яна ўстала і пайшла з ліхтаром у пограб. Ён спаў і не чуў, як яна праходзіла праз сенцы. Яна спынілася ля яго, соннага, і пачала аглядаць яго адзежу. Кішэні былі пустыя. Тады яна падышла бліжэй да пасцелі. Заўважыла, што пад падушкай у яго штосьці ёсць, старанна завязанае ў хустачку. Хустачка была малая і не закрывала як належыць таго, што было ў ёй. Льга было заўважыць зеленаваты колер. Ціхом, баючыся дыхнуць, яна падсадзіла руку пад падушку і пачала цягнуць. Ён спаў, напрацаваўшыся за дзень. Яна адвярнулася, каб не свяціць яму ў вочы і паглядзела. У хустачцы быў пачак новых трохрублёвак, крыху змятых ад таго, што іх насілі ў кішэні, ці за пазухай. Яна вярнулася ў хату, паставіла на зямлю ліхтар і падперла рукой твар. Дзве маўклівыя слязіны ўпалі з яе твара на зямлю.
„Нават калі і не прычынен ён да забойства, то ці не зрабіў якога-небудзь іншага тут злачынства? Адкуль у яго гэтыя грошы? Новенькія трохруб-