Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/166

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

жыўшы. Сам ён сумысля адцураўся гэтых грошай, чым-небудзь напалоханы, ці проста згубіў іх, вытрас з кішэні, ці, напэўна, з торбы, кінуўшыся на зямлю? Гэта было цяжка ўгадаць. Але сказаць праўду, у лішнія думкі чалавек цяпер ужо не падаваўся. Хвалюючыся, бялеючы тварам, ён выцягнуў з правала грошы. Пачак быў цяжкі. Колькі тысяч? Ці дзесяткі тысяч? Ці сотні тысяч? Ці мог такія грошы пакінуць сумысля? Згубіў? Значыцца быў вельмі неспакойны, устрывожаны, стомлены. Пасля ўжо, праз шмат тыдняў, малады чалавек сам успамінаў, сам прызнаваўся, што ў той момант, калі нёс ён пад палой свае вопраткі грошы, усё ясна памятаў і ведаў, што робіць і як разважае і раздумвае наконт усіх сітуацый, з-за якіх маглі тут апынуцца і астацца гэтыя грошы. Гэта была самая чыстая яснасць думкі і можа нават ад узбуджанасці, бо, як гаварыла пасля яго жонка, ён ніколі не вызначаўся асаблівай выдатнасцю логікі ў думках. Самае большае і мацнейшае, што ў яго было, гэта ўпартае трыманне таго, што яму здаецца праўдай. А меркаваць наконт таго, наколькі гэтая „праўда“ ёсць праўда, ён не быў вялікі ахвотнік. У гэтым сэнсе ён быў — супроцьлегласць жонцы. Яна бачыла, што можа быць заўтра. Магла здагадвацца, як яно пойдзе на паслязаўтра. Яна думала пра тое, што калі сёння павыбіваліся з зямлі на ясны свет хвойкі, то праз гады тут будзе лес. Ён-жа ўяўляў свет так, як яго бачыў у той момант, калі глядзеў на яго.

„Свет! Свет, у якім жыве і на які глядзіць чалавек! Ён цяпер будзе не страшан! Цяпер ёсць паратунак. Няхай сабе будуць войны і трывогі, моцны будзе ратавацца ад няшчасця. Мацнейшаму будзе лёгка ратавацца, слабейшаму цяжка, зусім слабы не вытрымае і згіне. А я цяпер смелы“.