Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

заць, заўсёды пустуе. Наглядаць за ёю мне прыпаручана. Так і стаіць хаціна. Я туды нанач свае куры заганяю. От так яно і жывецца.

Гаварылася ўсё гэта з вялікім энтузіязмам, і адразу відаць было, што „факт курынага начлегу ў суседняй хаце“ справа не малая і на яе могуць нават мерацца хваляванні жыцця. Пра гэты размах імкненняў і інтарэсаў думаў Несцяровіч, выходзячы з хаты. Ён сеў на каня і паехаў грэбляй, успамінаючы кожнае дрэва і камень, і хвалюючыся ад успамінаў. Часамі на грэблі вада даходзіла да страмёнаў. З-пад конскіх ног ляцела ўгару белая вада.

Праз дзён пяць ён быў тут з інжынерамі і тэхнікамі. Вада пачала зменшвацца. Падзьмуў вецер. Лясы засінелі і зазвінелі крыкам птушак і звяроў. Гулка хадзіла рэха. На алешнікавым узгорку выбралі месца, каб будаваць першы барак для рабочых. У тыя дні Несцяровіч сам ездзіў у гарадок на чыгуначную станцыю: у запячатаным вагоне было дастаўлена першае прыладдзе: маторная лодка, лесапільны інструмент, рыдлёўкі. Несцяровіч даў публікацыю, і пачалі сцягвацца людзі на работу. Гэта была першая партыя рабочых. Другая пайшла ўлетку, і гэта пра іх гаварылі тады пры трупе, калі пазнавалі, ці Седас гэта ці не, што каля гарадка відны людзі з куфэркамі і торбамі.

Аднойчы Несцяровіч, увесь прамоклы ад дзённага вандравання па балоце, гнаў маторную лодку, стараючыся хутчэй даплыць да вядомага яму месца, дзе над самай ракой стаяць хаты — там ён думаў начаваць. Да месца пабудоў адтуль: было кілометраў шэсць. Заходзіла сонца. Вада ў рацэ разлілася шырока, залівала ўвесь нізкі левы бераг. Правы бераг высокі, на ім рос хвойны лес. Бераг