Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Каза! — сказаў ён спавагу, хапаючы рукаў і накіроўваючы туды яе руку.

Яны вышлі. Горад быў ружовы ад вячорнага сонца.

Праз некалькі дзён Несцяровіч прыёхаў у раён. Быў сакавік месяц. Хвойныя лясы зелянелі. На полі былі чорныя лапіны. На балотным куп‘і рыжэла леташняя асака. Дні стаялі сонечныя, вада збіралася ў лагчыны і нанач зверху прымярзала. К канцу месяца вада залівала балоты і грэблі.

Аднойчы праездам Несцяровіч спыніўся ў Двух-Хатах. Хто жыве ў яго хаце, ён ведаў: яшчэ ў першы год пасля вайны, будучы ў гэтым раёне старшынёй, ён аддаў сваю хату нейкаму прышламу чалавеку. Цяпер ён зайшоў у краўцоў двор. Хата зусім згніла і асела. Ніякіх слядоў былое агарожы пры ёй не было. Надзьмуты певень, задзірысты пакутнік, скрываўлены за дзень у бойках, стаяў на прызбе. Галава яго даставала акна з павыбіванымі шыбамі. Певень з пагардай пазіраў на ўвесь свет. Кроў сачылася з яго галавы.

Несцяровіч зарагатаў: „Пагуляў? Ці не гаспадар ты цяпер гэтай хаты?“ Ён зазірнуў у пабітую шыбу. Цвіль укрыла сцены. Жаба, ажыўшы к вясне, села пасярод хаты і ўтаропілася ў чалавека лупатымі вачыма. Несцяровіч плюнуў і пайшоў ў былую сваю хату. Там яго пазналі. Гаспадар затупаў па хаце, заварушыўся. Несцяровіч сказаў, што толькі на хвіліну, праездам, і есці зусім не хоча. Ён толькі хацеў запытаць, дзе дзеўся кравец.

— Кравец? Па свеце ходзіць, кажухі шые. Жонка памерла, дзеці параспырхваліся па свеце, павырасталі, пападрасталі. Ён мала калі дадому з‘яўляецца, па людзях і пражывае. Добры чалавек, няхай яму на здароўе пойдзе. Хата, можна ска-