Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/141

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Раптам тая, што апраўдвалася толькі што перад трыма сваімі таварышкамі, крыкнула:

— Антон Паўлавіч!

І кінулася да яго. Спачатку яна трэсла яго за рукі, пасля вельмі порстка нагнулася да яго і пацалавала ў шчаку. Ён усміхаўся і быў нават як-бы прыбянтэжаны.

— Чаму вы не вітаецеся з ім, — гукала яна да сваіх трох таварышак, — гэта-ж мой бацька.

Усе тры па чарзе падышлі і кожная падала Антону Несцяровічу руку. Адна з іх тут-жа пырснула смехам і збянтэжылася ад гэтага, адразу густа пачырванела. Антон Несцяровіч бачыў, што гэта без пэўнай прычыны, проста ад маладосці, і, глянуўшы на яе, сам усміхнуўся. Яна тут-жа пачала апраўдвацца:

— Чаму-ж ты яго завеш Антонам Паўлавічам? — зірнула яна на тую, што пацалавала Несцяровіча. — Ты-ж зусім не Антонаўна?

— І ты не раз гаварыла, — умяшалася другая, — што твайго бацьку афіцэр забіў.

— Яна — мая выхаванка, — сказаў Несцяровіч. Ну, ні то што выхаванка…

— Я ў яго жыла два гады і вучылася там у пачатковай школе.

— Дык гэта каваль? — зноў абазвалася тая самая рагатуха. — Яна нам расказвала. І пра вашага смешнага суседа — кажушанага краўца расказвала.

— У вас калі канчаецца ўся гэтая інстытуцкая музыка? — сказаў Несцяровіч, азіраючыся, каб дзе прысесці.

Ён не хацеў сядзець, яму хацелася прайсці пехатой кілометраў дваццаць, так анямелі ад дзённае сядні ногі. Але яму здавалася, што вельмі-ж ужо ён нязграбны сярод гэтага букета. Рагатуха, чаго добрага, яшчэ зноў зарагоча. Не раўняўся