— Знайшоў на дарозе. Нагнуўся грыб падняць. Бачу — грошы. Каб ты ведала, які жах мяне агарнуў! Ты ведаеш, што я каля рэчкі бачыў? Труп валяецца, нагамі ў вадзе ляжыць.
— Труп? Бяжы ў сельсовет, заяўляй хутчэй пра ўсё.
— Пра што — пра ўсё? — храбрыўся перад жонкай чалавек. — Пайду скажу, што труп валяецца. (Раптам не вытрымаў штучнай храбрасці.) Які жах! Нагамі ў вадзе, і ракі пяты грызуць. Гніць пачаў. Я іду, сонца над лес спускаецца…
— То чаму нікому ні слова не казаць? Пра што гэта ты гаварыў, каб не казаць нікому? Можа пра грошы гэтыя, што знайшоў каля трупа? Колькі ты іх знайшоў?
— Я-ж табе паказаў.
— Хлусіш! Ты больш знайшоў! Ты ўстрывожыўся і прагаварыўся! Зараз-жа ідзі, заяві і аддай грошы. (Губы яго задрыжэлі.) Ты што кулакі сціскаеш? Ты глядзі! Пакажы кішэні.
Ён вывярнуў усе кішэні.
— На, глядзі, ты мне не верыш? Ты заўсёды такая. Ты заўсёды мяне маеш, чорт ведае, за каго. А калі я гэтыя дзве трохрублёўкі і захацеў пакінуць пры сабе, то што гэта, важны інтэрас? Усё адно чалавек не ажыве, а жывому — шэсць рублёў гэта не грошы? Унь дзіця ў нас расце, перад векам сваім стаіць, а яшчэ ўсё на свеце можа быць. Ты ніяк пра дзіця не дбаеш, ты думаеш, што дзень пражыў, то і дзякуй богу? А што наперадзе? Ты думаеш вайны не будзе? Яшчэ можа прыдзецца дзіцяці голаму і босаму па дарогах бадзяцца, без бацькі і маткі ўміраць з голаду! А ты літасці ад людзей чакаеш? Кожны сабе зарваць стараецца, а ты думаеш, што ўсе добранькія?
Ён увайшоў у сваю ролю. Ён думаў: „добра,