маладым дрэўцы. На плоце сушылася дзіцячая кашулька. Сонца пачынала заходзіць, на дварэ шарэла. Чалавек увайшоў у хату. Дзяўчынка, малая, наўрад ці ёй было і шэсць год, перастаўляла на стале дробныя калодачкі, каштаны і жалуды.
— Тата, — узрадвалася дзяўчынка, — паглядзі, каштаны — гэта каровы, жалуды — гэта авечкі.
— Дзе-ж маці? Бач, як ты гуляеш, жывёлы ў цябе многа. Ну, гуляй сабе.
Ён некалькі хвілін стаяў над дзяўчынкай, не зводзячы з яе вачэй. Ён штосьці думаў. Нарэшце пагладзіў дзяўчынку па галаве і пайшоў з хаты. У сенцах ён спаткаўся з жанчынай. Яна была здаровая, жоўтавалосая. Сонца стаяла нізка над полем і праз адчыненыя дзверы асвечвала жанчыніну постаць. На твары яе былі рэшткі вяснушак, вочы былі задумённыя, разважлівыя. Як загаварыла яна, у голасе гучэла сталасць. Сваёй жаночай сталасцю яна вабіла да сябе. Так гэтая сталасць натуральна была ёй да твара. З выгляду ёй можна было даць год дваццаць чатыры. З першае фразы, якую яна сказала да чалавека, льга было бачыць, што яна мае здольнасць наглядальнасці, можа шмат што заўважыць. Яна сказала:
— Што ты такі, нейкі… Устрывожан ты чым ці што?
Ён адказаў:
— Каб ты ведала што! (Урачыстая і трывожная пауза.) Толькі барані цябе божа, калі каму раскажаш, або хоць адным словам…
— Гавары хутчэй!
— Нікому ні слова. Маўчы — і ўсё. От я табе зараз пакажу.
Ён паволі выцягнуў дзве трохрублёўкі.
— Што ты мне іх паказваеш! Што ты такі збянтэжаны.