Старонка:Тры п’ескі (1930).pdf/97

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Анжэліна (праз сон). А-а, а-а, лялечка мая.

Дзед (углядаецца на яе). Неспакойна сьпіць дзіця. (Закашляўся).

Анжэліна (абуджаецца, падняла галаву).

Дзед. Сьпі, галубка.

Анжэліна. А ў мяне лялькі. (Глядзіць на падушачку, паглядзела вакол сябе). А дзе лялька?

Дзед. А дзе-ж яна павінна быць?

Анжэліна (усхапілася). Дзедка, яны-ж тут былі. Дзьве ўцяклі, а тая ў ружовенькім была са мною. (У непаразуменьні паглядае вакол). Дзе яны?

Дзед. Гэта-ж табе, мусіць, прысьнілася.

Анжэліна. Прысьнілася… (Заплакала). Ча­му гэта мне толькі сьніцца? Няхай-бы гэта было сапраўды.

Дзед. Лялькі-ж няжывыя. Як-жа яны могуць прыйсьці? Ня могуць, галубка.

Анжэліна. Нашто мне гэты сон! Ён толькі падманвае мяне.

Дзед. Ціха, ня крычы, здаецца прачнулася бабка.

Бабка (з-за шырмы). Хто гэта там крычыць?

Дзед. Вось чуеш?

Анжэліна. Дык што-ж я вінавата, што мне прысьніўся такі сон.