Старонка:Тры п’ескі (1930).pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Дзед. Ня плач, галубка, падыдзі да мяне.

Анжэліна (падышла). Я хачу на вуліцу, дзедка. Я цяпер буду працаваць, а вечарам, позьненька, як скончыцца работа, я пайду пагуляю. Ты нікому, дзедка, ня скажаш і ніхто ня будзе ведаць.

Дзед. Добра, ты пойдзеш гуляць, але-ж з кім ты будзеш гуляць? Позна ўвечар усе дзяўчаткі і хлопчыкі сьпяць, табе прыдзецца гуляць аднэй. Гэта табе падабаецца?

Анжэліна. Угу, вельмі падабаецца.

Дзед. Ну, і добра, значыць ты будзеш гуляць адна? А вось пройдзе паліцэйскі, пабачыць цябе, ды арыштуе. Тады мы ніколі не пабачым нашае маленькае Анжэліны. Альбо пройдзе вялікі чорны чалавек, брыдкі-брыдкі, з чырвоным носам, з доўгімі вусамі, нібы ў кошкі хвост. А ў руках у яго вялізны востры нож. Што, калі ён украдзе цябе, пасадзіць у цёмны склеп, дзе бегаюць адны пацукі? Табе гэта падабаецца, Анжэліна?

Анжэліна. Ну, што-ж, а мяне зусім ніхто і не пабачыць.

Дзед. Добра, скажам, што з табою нічога ня здарыцца. Пагуляўшы некалькі гадзін, ты вернешся дадому, але раніцаю ты будзеш страшэнна стомленаю і ўвесь дзень будзеш пазяхаць. Нарэшце ты ў часе работы засьнеш, а пасьля будзеш вельмі шкадаваць.