Перайсці да зместу

Старонка:Творы (Александровіч, 1932—1933). Кніга 1.pdf/223

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пытаньні часта ставіў я бывала:
За што? Прычына дзе? Адкуль уся навала?

Ідзеш. Зьнішчаеш перашкоды.
Каб дасягнуць свайго, жыцьцё гатоў аддаць.
Над кручаю стаяў… Прайшлі змаганьня годы.
І раптам так бяспраўна дагараць.

Няма падстаў зьбіваць мяне каменьнем.
Маё, як вока, чыстае сумленьне.

Ты малады яшчэ. Табе мая парада:
ніколі ня злучай каханьня з барацьбой.
Страшнейшай крыўдаю бывае — толькі здрада.
Прысуд падобны сьмерці — быць не з грамадой.

Заблытаны клубок. Прыблізіцца разьвязка,
і будзе вораг наш зубамі сьмерці ляскаць…

Лявон Рыгоравіч, ня будзе так ніколі
Ня можа гэтак быць. Патрэбны вы для нас!..
— Ня шкодныя, то праўда. Нават болей,
я чую, што змагу карысным быць ня раз.
Каб толькі партыю, каб толькі ўсю краіну
пераканаць, — што я ня хцівец, не злачынец.

— Ну, вышла так. А вывад тут выразны:
ваш абавязак, як бальшавіка,
спакойна і выключна падрабязна
заяву напісаць, паслаць у ЦКК.

— Я думаў сам. Пісаў было аднойчы.
Але дванаццаць год, як я ўжо не рабочы…

— „Заяву там — разгледзяць як найбліжай.
Зьмяняе ўсё жыцьця нястрымны бег…
Лявон Рыгоравіч, хадзем сягаць на лыжах!
Мароз — агонь. А сьнег, прывабны сьнег!