Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/99

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

68.

∗     ∗

Як Базыль у паходзе канаў,
Ўсё старонку сваю спамінаў.
— Вы прашчайце, прашчайце, шнуры,
Вы прашчайце, негараныя!
Мне вас болі ужо не гараць,
Буйным збожжам на зары не засяваць.
— Не пабачу я цябе, цёмны луг,
Поле чыстае, раздольнае!
Мне па вас ўжо ніколі не хадзіць,
Мне зялёнай травы не касіць.
— Расстаюся я з табой, шчыры бор,
Пушча цёмная, драмучая!
Мне твой шум ужо болі ня чуваць,
Мне высокіх сасон ня рубаць.
— Ах, прашчай ты, сямейка мая,
Вы прашчайце, таварышы!
Ўжо ня прыдзецца да сэрца туліць,
Пасядзець, пажартаваць, пагаманіць.
— Гэй, чалом табе, чалом, Беларусь,
Ўся староначка бяздольная!
Не забыў твой сын сваёй маці,
За цябе у зямлі яму ляжаці.
Як Базыль у паходзе канаў,
Ўсё старонку сваю спамінаў.

1915.