Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

52.

КУПІДОН.

Ад спомінаў дзіцячых лет
Ў маёй душы астаўся сьлед.
Я помню, як бывала рада
Мне сэрца плітцы шакалада,

Абгорненай з усіх старон
Паперкай яркай з візэрункам:
Там па «загадачным малюнкам»
Пытаньне йіпло: «Дзе Купідон?»

Я не забыў, як доўга з ёй
Сядзеў я ў комнатцы маёй,
Страх зацікаўлены загадкай,
Хоць закусіўшы шакаладкай.

Бо тут-жа, тут хаваўся ты!
Бо можа з сетак малявідла,
Што ўжо даўно вачам абрыдла,
Твае праглянуць мне чэрты,

І ўстанеш ты перада мной
З крылатай, гостраю стралой,
Мне ў сэрца мецячай, і з лукам,
Пяяць гатовым поўным згукам!

Ды ўсё-жа быў ня бачан ён,
Хоць я і сьлёзы ліць прымаўся.
Што-ж ты вачам не паказаўся,
Ўладар каханьня, Купідон?