Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/70

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

51.

ДЗЕД.

Так цёпла цэлы дзень было,
Што дзед — і той сьцягнуўся з печы,
Ля рэчкі сеў, дзе больш пякло,
І грэў пад старай сьвіткай плечы.

Сінеўся бор, цякла вада,
Скрозь пахла мёдам і травою…
А дзеду на’т і не шкада,
Што хутка будзе ён зямлёю.

1913.