Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

49.

∗     ∗

Ізноў пабачыў я сялібы,
Дзе леты першыя прайшлі:
Там сьцены мохам парасьлі,
Вясёлкай адлівалі шыбы.
Усё ў пылу. І стала мне
Так сумна, сумна ў цішыне.
Я ў сад пайшоў. Ўсё глуха, дзіка,
Усё травою зарасло.
Няма таго, што раньш было,
І толькі надпіс «Вэроніка»,
На ліпе ўрэзаны ў кары,
Казаў вачам аб тэй пары.
Расьці, ўзмацовывайся, дрэва,
Як монумэнт жывы, ўставай
І к небу надпіс падымай.
Хай нярухомы словы сьпева:
Чым болі сходзіць дзён, начэй,
Тым імя мілае вышэй.

1913.