Але, але… Аднак, што шкодзіць тут натхненьню?
Прыемнае дае Сальері уражэньне.
Падобны зьнічцы ён: у іскрах над зямлёй
Яна ўзразае змрок лукою залатой,
Гарыць, бліскучая, уся ў агні нясецца,
А ў глыбіні сваёй халоднай астаецца.
Уменьне да ігры Сальері здабываў
Праз мерны, нудны труд; ці спраўды забіваў
Ён гэтым талент свой, як бачна з думак драмы?
Адкажа йскрыпка нам. Стокато, фугі, гамы
Шмат год калісь на ёй Сальері вывадзіў
І моцна йграньнем тым іскрыпкі зык зьмяніў.
Ямчэй яна гудзіць. Пявучых згукаў сіла
Праз доўгія гады яе перарабіла,
І, тымі сьпевамі уся напаяна,
Навекі чулаю зрабілася яна.
Няўжо-ж душы жывой маглі-бы зыкі сьпева
Ў Сальері не зьмяніць, калі зьмянілі дрэва?
Не! Працай гэтаю сябе ён разьвіваў.
Сальері — верны раб, каторы не схаваў
Свой талент у зямлю. Хай судны час настане, —
Спакойна Музе ён і проста ў вочы гляне,
І будзе за любоў да здольнасьці сваёй
Апраўдан Музаю і ўласнаю душой.
Таксама робіш ты, дума, і у поэта
Красьнейшым кожын твор. Прывет табе за гэта!
Прывет мой і табе, штодзённы рупны труд, —
Гатуеш радасьць ты ад творчаскіх мінут.