Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/492

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ластоўскі між іншым піша: „Пытаньне, што да мейсца поэматаў, адносілася да цыклю „Мадонны“ і „Каханьне“ і сьмерць“: ці іх ставіць перад аддзелам „З чужой нівы“ ці посьле?“. Ластоўскі пытаўся у поэты ў часе выдрукаваньня „Вянка“, дзе зьмяшчаць поэмы „Мадонны“ і „Каханьне і сьмерць“. Літаратурнай Камісіі невядома, чаму нізка вершаў „Каханьне і сьмерць“ ня была выдрукавана ў „Вянку“, але Камісія, маючы поўны сьпіс вершаў гэтага цыклю, выконвае пачатковы намер аўтара і зьмяшчае „Каханьне і сьмерць“ у канцы „Вянка“ і, як гаворыцца ў лісьце, разам з цыклем „Мадонны“. Разьдзелу-ж „Вянка“ — „З чужое нівы“ ці „З чужое глебы“ Камісіі поўнасьцю аднавіць не ўдалося, і таму некаторыя вершы, якія па думцы поэты павінны былі ўвайсьці ў склад гэтага цыклю, Літаратурная Камісія прымушана была зьмясьціць у агульным разьдзеле „Пераклады“ (гл. разьдзел III, пераклады з Вэрлена).
У аўтографе вершаў „Каханьне і сьмерць“ рукою аўтара зазначана: „Яраслаўль, серпень-кастрычнік 1912 г.“ З гэтае дапіскі відаць, што і па часе напісаньня гэтая нізка вершаў супадае з „Вянком“.
У аўтографе, як відаць, рукою рэдактара былі зроблены папраўкі правапіснага характару. Некаторыя з гэтых паправак Камісіяю прыняты.

186. Пачуцьцю цёмнаму… 8-ы радок — „Ірвучыся“ — форма, запазычаная з pасійскае мовы.

187. Цёмнае неба… Камісія ў гэтым вершы захоўвае аўтарскі тэкст: „зардзеўшыся“ (12 р.) замест рэдакцыйнай папраўкі „стыдліва ты“, „дрогнула“ (13 р.), замест рэдакцыйнай папраўкі „ўдарыла“, „празіяла“ (19 р.) зам. „запылала“. У 17-м р. для рыфмы пакінута аўтарскае напісаньне „дрыжала“.

188-189. Да Вагітнай. Слова „вагітнай“ поэта ўжывае ў сэнсе „цяжарная“ (гл. вершы №№ 192, 197). Яно і было выпраўлена рэдактарам на „цяжарная“.

190. Трыолет. „Удаем“ (2 р.) аўтарам ужыта ў сэнсе „прадстаўляем“, „уяўляем“.

192. Пракляцьце вагітнай. У першым радку прынята рэдакцыйная папраўка „каля“ зам. аўтарскага „дзеля“.
У 3-м, 4-м і 7-м радкох пакінуты аўтарскі тэкст „зрэбных“ замест „крамных“, „шыпіць“ зам. „сіпіць“ і „з“ (паглядам) зам. „с“.

196. Смертію сьмерть…
2-гі р. У аўтографе стаіць „апачыла“. Камісіяю гэтае слова выпраўлена на „адпачыла“ на тэй паставе, што ў чарнавых аўтографах гэтага вершыку сустракаецца напісаньне „адпачыла“ (папка IV. № 8, аркуш 17).