8.
ВЯСНОЙ.
Ачуняўшы ад сьмяротнай хваробы, з бледна-васковым, як-бысь правідным, тварам у першы раз вышаў ён са сваёй каморы і замёр, глянуўшы ў даль.
Чаруючы сінімі аганькамі вачэй, стаяла там русакосая малярка Вясна, і пад тонкімі, вузкімі рукамі дзяўчыны вырастаў бяскрайны сьветла-калёравы малюнак. А поруч з ёй стаяў «наш вельмі шаноўны крытык №№» і, бліскаючы акулярамі, цэдзіў праз зубы: «… Аднакалёрна… зялёнай фарбы занадта… і да таго-ж бяз’ідэйна… суздальскі малюнак…»
Спраўдзі, нічога асабліва новага ў твары вясны ня было: пад блакіцьцю небасхілу на дне балкаў гразна-сьнегавыя плямы, у далі сіняватая йстужка туману, з боку бурая ад конскага гною пуцявіна, — а ўсё іншае заліта бледнавата-зялёнай фарбай. Кожны з нас у дзіцячыя гады шмат бачыў такіх мілых, бясхітрасных малюнкаў.
Ці-ж ня мінулае маленства, згадаўшыся, і ўсхвалявала Янышу грудзі, выціснула сьлёзы з вачэй? Можа і яно. А мо’ тое чыстае, мяккае паветра, што ціха шчакатала хілыя лёгкія, забіраючыся ў самыя далёкія, ужо адвыкшыя дыхаць, куткі; тая ўсёнапаўняючая сьветласьць, каторая п’яніла вочы; тая бяскрайная хваля ясных калёраў і зыкаў, што лілася праз яго істэрычную душу, уздымала яе і з салодкім болем пракранывалася да чуткіх пасьля хваробы нэрваў? Хто скажа? Невядома, з чаго, але перапоўнілася душа яго, і чуцьцё, успляснуўшы за край, вылілася праз сьлёзы. І калі мучанічаскі-прасьвятлеўшым тварам ішоў Яныш назад, сэрца яго сагравала ўсёблагаслаўляючая любоў: роўна бліз-