яў, мячы, а таксама «шэломы» (жалезныя шапкі), «кольчугі» (шырокія кашулі, зробленыя ўсе чыста з дробных жалезных калечак), шчыты ды іншыя рэчы, патрэбныя ў часе вайны. Калі выпадае, кавалі аздабляюць гэтыя рэчы рознымі вузорамі, асабліва шчыты ды ручкі мячоў і нажоў. Ваякі і стральцы вельмі кахаюцца па сваёй зброі і хочуць, каб яна была ня толькі добрая, але і прыгожая.
Апроч зброі, кавалі ўмеюць вырабляць яшчэ пекныя пярсьцёнкі, кольчыкі ў вушы, блішчастыя запоны і гузікі, і ня толькі з жалеза ці сьпіжу, а нават з золата і срэбра. Гэтыя рэчы купляюць амаль таксама ахвотна, як і зброю.
На другім канцы гораду, каля гліністага яру, стаіць слабодка Ганчароўка. Гаспадары з яе займаюцца тым, што вырабляюць з гліны добрыя паліваныя гаршкі ды місы, адмалёваныя фарбамі ў краскі і візэрункі. Ад Ганчароўкі ідзе Кажамяцкі завулак. Гаспадары з яго ня толькі абрабляюць скураты, але і не ад таго, каб пайсьці часам на паляваньне ды прынесьці якую-колечы някупленую скуру. Ходзяць на паляваньне і другія мястоўцы. Іншыя патроху гаруць поле, займаюцца жывёлай, і гэтак жывуць.
У гарадку ёсьць і хаты з цясовымі дахамі. Там жывуць болей грашавітыя людзі: баяры, княжацкія ваякі-дружыньнікі, багатыры-гандляры. Тамака жыве і сьвяшчэньнік з цэрквы, о. Ісідор, — грэк, што над’ехаў з Візантыі. Гаворыць ён пагрэцку, і яго ніхто ў гарадку не разумее.
Гарадок не памясьціўся ўвесь за тынам. Хаткі рассыпаліся і па-за ім, зьбягаючы ўніз, да ракі. Там стаяць рыбацкія чоўны, расьцягнуты і сушацца на сонцы сеці. Часам з аднаго берагу на другі плыве паром. А вакол, куды толькі сягне вока, лясы і бары, глухія, драмучыя.
Ціхі гарадок…