Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/414

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

4.

ШАМАН.

«Баян» вялікі, нядаўна адбудаваны параход амэрыканскага кшталту — рэжа носам ціхую, цёмную ваду, а ад абодвух яго бартоў бягуць ускіпаючыя пенай нявысокія палосы хваль. Даўно ўжо зышла на зямлю напоўправідная цёплая летняя ноч, і залацісты стоўп ад поўнага месяца ўжо лёг на люстраную, гладзь шырокай Волгі. Ён увесь дрыжыць, зыбаецца, пераліваецца агнямі і, папаўшы раптам пад хвалі, узьнятыя параходам, шырыцца, драбіцца і доўга цягнецца сьветлым сьледам за нашай кармой. Тады здаецца, быццам на вадзе зіяе залатая кальчуга калісьці ўтопшага тут велікалюда, або быццам залаты невад калышацца на цёмнай гладзі ракі, а ў ім кішма кішыць залатой-жа рыбы. Але патроху рассыплюцца зьвеньні кальчугі, распадзецца залаты невад на безьліч паблутаных, узьвіваючыхся сьветлых ніцей, ды зьліюцца паміж сабой пераліўчатыя ніткі — і ізноў будзе дрыжаць на рацэ ясны, бліскучы стоўп, быццам залаты шлях да блізкага шчасьця. І так цэлымі гадзінамі ўсё тое-ж: дрыжыць і робіцца залатая пуціна; ледзь-ледзь маячыць лугавы бераг Волгі; цёмным зломам рысуецца на небе гарысты бераг, там-сям гараць аганькі бакенаў, у цемні нябачных. Калі-не-калі праплывае міма доўгі чорны плыт з вогнішчам, адбіваючымся чырвонай плямай у цёмна-люстранай вадзе. На міг з мроку выгляне колькі стаячых на плыту чалавецкіх фігур, міргане ярка-асьвятлёная сіняя або рожавая кашуля, пачуецца нягучны голас, пачуецца і сьціхне, і зьнікнуць у цемні постаці плытнікаў, і сам плыт згіне з вачэй. Бывае яшчэ — у ціхім паветры загудзіць труба сустрэчнага парахода,