— Дзеля таго і я, думкі свае, як сьлед, растлумачыць жадаючы, ліхтарні гэтыя за прыклад узяць хачу. Роўную яны вагу маюць і з таго-ж самага срэбра адліты былі, але ўсё-ж ткі адна з іх у семкроць болей другой каштуе, бо аздоблена з умеласьцю надзвычайнай. Водлуг-жа таго, што ўмеласьць і здольнасьць тыя толькі ў выглядзе рэчы, або, як іншыя цяпер кажуць, у форме яе зьявіць можна, прызнаць мы мусім, што каштоўнасьць вырабаў прыгожых адно толькі праз красу іх форм узрастае, і толькі красою форм каштоўнасьць тую мераць можна.
— Ува ўсім праз працу залатарскую як найлепей павінны мы праканацца. Бо чым болей ад работы майстра формы рэчы прыгожасьць набіраюць, тым каштоўнейшай рэч гэтая пачынае рабіцца. Таксама і здольнасьць майстра тым большай трэба ўважыць, чым лепшую форму кавалку срэбра або золата прыдаць ён здолен. Вось чаму я, хрысьціянін ня згоршы ад іншых, рэчы свае вырабляючы, адно толькі красу формы пільную ды ня думаю аб тым, нашто нанізкі залатыя мае пойдуць: ці то на здабленьне фігуры маткі боскай, або піяка і распусьнік які на пакрасу сваю ўжываць іх будзе.
Так казаў Антон Корж, чалавек мудры і красамоўны. Але ўжо ноч настала, і варта па вулках ішла, усім загадываючы, з наказу пана войта, агні гасіць і дзьверы зачыняць. Таму іконьнік і залатар, вечар прыстойна ў бяседзе правёўшы, краму замком нямецкім моцна замкнулі і разьвіталіся між сабой, у думках жадаючы, каб дзеля спажытку сэрцу і розуму таксама і далей удвох схадзіцца.
Рукапіс гэты, пісаны гаворкай нашай старажытнай, адшукаў і словамі сучаснымі перапісаў Максім Багдановіч.