усягды цяпер заработак меў. Уважаючы на гэта, нават і пан Корж яго да сябе запрашаў, хоць, вядома, іконьнік залатару раўнёй быць ня можа і таксама ад яго рожніцца, як, прымерам кажучы, фарба трохграшовая ад золата ўгорскага, у агні пяць разоў ачышчанага. Але Корж, крамар заможны і паважаны, на сьвеце незамала пажыўшы і шмат чаго зьведаўшы, людзям ніколі не пагарджаў, гонару свайго, аднак, ні ў чым не зьмяншаючы. Так і цяпер ён, мёд цёмнабурштынавы смакуючы, словы госьця свайго ўважліва слухаў.
— Чуткі да мяне дайшлі, — гэтак прамаўляў іконьнік Раман Якубовіч, — быццам Сальватор Роза, майстар умелы, а ў працы рупны і здольны, да нашага краю з зямлі Італійскай прыехаўшы, абразы на мурох цэркваў полацкіх з вучнямі сваімі малюе, старыну ў маляваньні гэтым рухаючы, а навіны ўводзячы. Дзеля таго абразы тыя ад даўнейшых шмат чым рожняцца, і гэтае людзям, у старыне цьвёрдым, а да цэрквы божай прыхільным, сталася вельмі не да спадобы. Ды яшчэ кажуць, быццам італіец той, аб красе толькі дбаючы, а на збаўленьне душы сваёй забыўшыся, паганскіх багоў і шмат чаго іншага малюе, аб чым іконьніку добраму лепш нават і ня думаць. Нічога гэтага ў жоднага з майстроў часу старага, а нам у прыклад стаўшага, пабачыць няможна. Найгорш-жа тое, што іконьнікі полацкія звычаю рускага, а ў працы здольныя і дасьведчаныя, навіны гэтыя пераймаюць ды да таго-ж і людзей усякіх, нават роду паспалітага, а таксама і рэкі, бары і лугі і шмат чаго іншага малююць, і час і працу сваю праз усё гэта марне трацячы. Бо, здаецца, кожны зразумець можа, што сьвятая ікона пана бога, хаця-б і зусім няўдала зробленая, бязьмерна больш варта, чым са пся якога-небудзь малюнак найлепшы. Але майстры тыя на гэта не ўважаюць, а таму іконапісь прыстойная і да старасьвецкіх звычаёў прыхільная у Полацку падупала, праклятым недаверкам на радасьць, а ўсім людзям добрым на жаль і гора вялікае.
Тады, бачыўшы, што іконьнік гутарку сваю ўжо скончыў, пан Корж карэц з мёдам на бок пасунуў і, не сьпяшаючыся, пачаў гаварыць:
— Можа стацца, лепей-бы мне аб гэтым не размаўляць,