Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/405

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

1.

МУЗЫКА.

Жыў на сьвеце музыка. Многа хадзіў ён па зямлі ды ўсё граў на скрыпцы. І плакала ў яго руках скрыпка, і такая была ў яго граньні нуда, што аж за сэрца хапала…

Плача скрыпка, льюць людзі сьлёзы, а музыка стаіць і выводзіць яшчэ жаласьней, яшчэ нудней. І балела сэрца, і падступалі к вачам сьлёзы: так і ўдарыўся-б грудзьмі аб зямлю ды ўсё слухаў-бы музыку, усё плакаў-бы па сваёй долі…

А бывала яшчэ й так, што музыка быццам вырастаў у вачох людзей, і тады граў моцна, гучна: гудзяць струны, звоніць рымка, бас, як гром, гудзіць і грозна будзіць ад сну і завець ён народ. І людзі падымалі апушчаныя голавы, і гневам вялікім блішчалі іх вочы.

Тады бляднелі і трасьліся, як у ліхаманцы, і хаваліся ад страху, як тыя гадзюкі, усе крыўдзіцелі народу. Многа іх хацела купіць у музыкі скрыпку яго, але ён не прадаў яе нікому. І хадзіў ён далей між бедным людам і граньнем сваім будзіў ад цяжкага сну.

Але прышоў час, і музыкі ня стала: злыя і сільныя людзі кінулі яго ў турму, і там скончылася жыцьцё яго… І тыя, што загубілі музыку, узялі яго скрыпку і пачалі самі граць на ёй народу.

Толькі іхняе граньне нічога людзям не сказала. — «Добра граеце», гаварылі ім, «дык усё ня тое!» І ніхто ня мог растлумачыць, чаму ад граньня музыкі так моцна білася сэрца бедакоў. Ніхто ня ведаў, што музыка ўсю душу сваю клаў у ігру. Душа яго знала ўсё тое гора, што бачыў ён па лю-