Хто там едзе па Касову полю?
Едзе ў полі дэлібаш адважны —
Слаўны шэршань на жуку рагатым.
Дзень ён едзе і другі, і трэці,
На чацьверты к мору пад’яжджае,
Што калюжай у людзей завецца.
Затрымаўся, глянуў слаўны шэршань
І такія словы прамаўляе:
«Гой ты, коню, гой ты, жук рагаты!
Ускарміў я, жук, цябе мятліцай,
Успаіў я, жук, цябе расою.
Саслужы-жа верную мне службу —
Пераскоч ты цераз гэта мора».
І прамовіў шэршню жук рагаты:
«Гаспадару, дэлібаш адважны!
Не скакаць-бы мне з табой праз мора,
Ня шукаць-бы сьмерці перадчаснай.
Як мы з хаты ранкам выяжджалі,
Гаварыла маці-шаршаніха,
Што нядобры сон ёй ноччу сьніўся,
Быццам пэрлы ўсё яна нізала.
Ня іначай — будуць ліцца сьлёзы».
Засьмяяўся шэршань, гэтак кажа:
— «Стаў ты, коню, бабай шумадзійскай!
Я з маленства сьмерці не лякаўся,
Не збаюся і цяпер напэўна».
|