Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/300

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
СКАНДЫНАЎСКАЯ.

236.

∗     ∗

Была Інгеборг, як сасонка, страйна,
— Так вецер суворы пяе —
І горкую долю спаткала яна.
— Шкада нам, шкада нам яе.

Ня слухала маткі, ня чула айца,
— Так вецер суворы пяе —
Кахала Оскара, марскога байца.
— Шкада нам, шкада нам яе.

Ў чужую паехаў Оскар старану,
— Так вецер суворы пяе —
Надоўга нявесту пакінуў адну.
— Шкада нам, шкада нам яе.

Шмат дзён праняслося, шмат доўгіх начэй,
— Так вецер суворы пяе —
Шмат сьлёз пралілося з дзявоцкіх вачэй.
— Шкада нам, шкада нам яе.

І весткі праз рок да Оскара дайшлі
— Так вецер суворы пяе —
Сьпіць моцна твая Інгеборг у зямлі.
— Шкада нам, шкада нам яе.

І цяжка Оскару зрабілася жыць,
— Так вецер суворы пяе —
Ён кінуўся ў бой, каб дзяўчыну забыць.
— Шкада нам, шкада нам яе.