Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/242

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

187.

∗     ∗

Цёмна неба начное, —
Ноч даўно пераважыла дзень.
Ад сьвячы у пакоі
Ўжо бясшумна хістаецца плямамі цень.

Ты дасюль не заснула, —
Напружона у ложку ляжыш,
Быццам сквапна і чула
Узіраешся ў гэтую цёмную ціш.

Вось няпэўна і глуха,
Ледзь раскрыўшы румяны свой рот,
Мне шапнула: «Паслухай», —
І кіўнула, зардзеўшыся, уніз на жывот.

О, як дрогнула сэрца!
Я паняў. Я каленямі стаў
Прад табой на каберцы
І да гібкага чэрава шчыльна прыпаў.

А яно ўжо дрыжала
У глыбі затаёным жыцьцём, —
І душа празіяла
Незгасімым ніколі сьвяшчэнным агнём.