Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

12.

СТАРАСЬЦЬ.

Палаюць асіны, каліны,
Чырвоныя сыплюць лісты,
І вязкай жаўцеюшчай гліны
Цяжолыя крыюць пласты.

Брыдзець, пахіліўшысь панура,
Лясун на раздольлі дарог.
Абшарпана старая скура,
Зламаўся аб дзерава рог.

Дарога ўся ў лужах. Размыта
Дажджом праліўным каляя.
Гразь чаўкаець жадна капыта,
Шуршыць, упаўзая, зьмяя.

Касматая шэрсьць перамокла,
Стаміўся ён стары, прадрог;
Лёд тонкі і востры, як сьцёкла,
Капыта царапаець ног.

Сьпяшыць ён дайсьці да трасіны:
Там — мяккія, цёплыя мхі,
А тут толькі плачуць асіны,
Ды б’юцца галіны вальхі.

1909.