Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/236

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Наліўшы ягады рабіны,
Траву губіў, і мы нагой
Ўзрывалі прэлых лісьцяў слой;

Калі патроху чырванелі
Чаромха, липа, стройны клён,
А гнёзды змрочныя варон
Між голага гальля чарнелі,
І грозны вечара пажар
Пылаў між бура-шызых хмар;

Калі асеньні вецер дзіка
Стагнаў і глуха па начах
Грымеў у наш жалезны дах, —
Тады да лета Вэроніка
Ад нас зьнікала ў інстытут
І ня будзіла згадак тут.

А час усё каціўся далі,
Хаваючы на дне гадоў
І гарадкі і галубоў;
Мы няпрыкметна падрасталі,
А іншы ўжо шчыпаў вусы
І лічыў іх гарой красы.

І толькі ўжо тады я ўгледзеў,
Што поруч, як цьвяток лясны,
Ўзрасла ў красе сваёй вясны
Дачка самотная суседзяў.
І — помню я — тады-жа ўперш
3 маёй душы паліўся верш.