Ня блішчыць у час зьмярканьня і ў глыбокай цемні ночы
Дыямент каштоўны,
Але белым днём красою нам чаруе, вабіць вочы
Блеск яго цудоўны.
Бо калі на гэты камень упадзець праменьне сонца,
Ўраз ён блісьне дзіўна
І вясёлкавыя іскры рассыпаць пачне бяз конца
Ярка, пераліўна.
Так здаецца ў змроку ночы цёмным і народ мой родны,
Бедны і няшчасны;
Але, як устане сонца, ўраз прачнецца дух народны
І засьвеціць ясна!
|