126а.
СЛУЦКІЯ ТКАЧЫХІ.
(Рэдакцыя зборніка „Вянок“).
Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.
І цягам доўгія часіны,
Дзявочыя забыўшы сны,
Свае шырокія тканіны
На лад пэрсыдзкі ткуць яны.
А за сьцяной сьмяецца поле,
Зіяе неба з-за вакна, —
І думкі мкнуцца мімаволі
Туды, дзе расьцьвіла вясна;
Дзе блішча збожжа ў яснай далі,
Сінеюць міла васількі;
Халодным срэбрам зьяюць хвалі
Між гор ліючайся ракі;
Цямнее край зубчаты бору…
І тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж пэрсыдзкага узору,
Цьвяток радзімы васілька.
|