Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/156

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

115.

РОМАНС.

Quand luira cette ètoile, un jour.
La plus belle et la plus lointaine,
Dites-lui qu’elle eut mon amour,
O derniers de la race humaine.
Sully Prudhomme.

Зорка Вэнэра ўзышла над зямлёю,
Сьветлыя згадкі з сабой прывяла…
Помніш, калі я спаткаўся з табою,
Зорка Вэнэра ўзышла.
3 гэтай пары я пачаў углядацца
Ў неба начное і зорку шукаў.
Ціхім каханьнем к табе разгарацца
3 гэтай пары я пачаў.
Але расстацца нам час наступае;
Пэўна, ўжо доля такая у нас.
Моцна кахаў я цябе, дарагая,
Але расстацца нам час.
Буду ў далёкім краю я нудзіцца,
Ў сэрцы любоў затаіўшы сваю;
Кожную ночку на зорку дзівіцца
Буду ў далёкім краю.
Глянь іншы раз на яе, — у расстаньні
Там з ёй зьліём мы пагляды свае…
Каб хоць на міг уваскрэсла каханьне,
Глянь іншы раз на яе…